Як "трэці Рым" бараніў продкаў ад прыгнёту
Яраслаў і Вера
Прапанаваў бы ўладыку замест ідэалягічных догмаў зьвярнуцца да гісторыі. Мікалай Карамзін лічыў, што тая "мусіць быць злапомнаю". Напэўна, знакаміты расейскі гісторык і пісьменьнік меў на ўвазе ня пошук падставаў для прэтэнзій, канфліктаў і войнаў (няхай нават "газавых" ці "малочных"), а хацеў падкрэсьліць важнасьць памяці для вызначэньня, кажучы сучаснай моваю, каардынатаў быцьця народу ў гістарычным часе.
Аднак дачыненьні Масковіі, а затым Расеі зь Вялікім Княствам Літоўскім і, пазьней, Рэччу Паспалітай, дзе жыла нашы продкі, цягам стагодзьдзяў вызначаліся якраз войнамі.
Войны пачаліся, ледзьве ўсходнія суседзі пасьпелі вызваліцца ад татара-мангольскага прыгнёту. Масковія ўспадчыла дзяржаўную будову Арды і, па сутнасьці, зрабілася яе адлюстраваньнем. Пра гэта сьведчылі жорсткае адзінаўладзьдзе, сьляпая падначаленасьць "холопов государевых", чынгісханаўская ідэя ўлады над усім сьветам. У татараў пазычылі і арганізацыю войска, і тактыку выпаленай зямлі, і нялюдзкія расправы з насельніцтвам сумежных дзяржаваў, што было прадэманстравана ўжо пры зьнішчэньні Ноўгарадзкай рэспублікі.
Пасьля захопу туркамі ў 1453 годзе Канстантынопалю Масква заявіла пра свае прэтэнзіі на ролю "трэцяга Рыму". Маскоўскі князь Іван ІІІ абвясьціў сябе абаронцам праваслаўных Усходняй Эўропы і запатрабаваў ад нашага вялікага князя Казіміра Ягайлавіча "Полоцка, Витебска, Смоленска ды иных земель русских". Адзначым, што тыя землі ў складзе Масковіі ніколі не былі. А паколькі і быць там аніякай ахвоты ня мелі, Масковія распачала зь Літвой-Беларусьсю першую вайну, якая доўжылася з 1492 да 1494 году. Потым была другая (1500—1503), трэцяя (1507—1508), чацьвертая (1512—1522), пятая (1534—1537)...
Пра тое, як адбывалася "абарона нашых продкаў-адзінаверцаў ад прыгнёту", апавядаюць кронікі ды іншыя дакумэнты. Маскоўскія ваяводы радасна пісалі Васілю ІІІ у сваіх граматах:
"Землю воевали мало не до Вильны, везде огонь пускали, и шкоды чинили и полону на колько десять тысяч взяли".
А вось паведамленьне летапісца пра подзьвігі князя Андрэя Курбскага пад Віцебскам:
"Острог взяли и пожгли, и посады у города все пожгли и наряд в остроге поимали и людей в остроге многих побили и села, и деревни около Витебска пожгли и повоевали".
Апрача некалькіх касьцёлаў, князь з сваімі галаварэзамі спаліў 24 праваслаўныя храмы і люта расправіўся зь беларускім палонам. Дарэчы, празь некалькі гадоў, зьбегшы ад Івана Жахлівага, ён напіша свайму былому гаспадару, што той "затворил землю русскую, аки в адовой твердыне". У гэтую "твердыню" крамлёўскія валадары хацелі зачыніць і іншыя землі — дакуль дацягнуцца.
Якога вызваленьня можна было чакаць ад такіх суседзяў?
Невыпадкова нашыя летапісцы, якія таксама належалі да царквы грэцкага абраду, называлі Васіля ІІІ і ягоных спадкаемцаў "ворагамі і супастатамі веры хрысьціянскае, праваслаўнае".
Я нагадаў бы ўладыку, што за "братнюю дапамогу" продкі шчодра аддзячылі ў 1514 годзе пад Воршай, разграміўшы амаль утрая большую за нашыя збройныя сілы 80-тысячную маскоўскую арду. Перамогу над захопнікамі сьвяткавала войска, дзе пераважную бальшыню складалі менавіта праваслаўныя беларусы-ліцьвіны. Гэта было сьведчаньнем іх дзяржаўнага патрыятызму. Ён яскрава выявіўся і тады, калі з захопленага Смаленску ў Вялікае Княства ўцякло 50 баярскіх і шмат мяшчанскіх праваслаўных родаў.
Хрэстаматыйныя прыклады "вызваленьня" беларусаў дала чарговая вайна 1588—1582 гадоў, вядомая як Інфлянцкая, а ў расейскай гістарыяграфіі — Лівонская. Авалодаўшы ў 1563 годзе Полацкам, "государь-батюшка" Іван IV спачатку загадаў выразаць або ўтапіць усіх нешматлікіх жыхароў-каталікоў і юдэяў, а затым узяўся за праваслаўных. Іх абвясьцілі палоннымі і большую частку пагналі зімовымі дарогамі на ўсход. Удзельнік вайны на нашым баку італіец Аляксандар Гваньіні, які быў віцебскім камэндантам, у "Кроніцы эўрапейскай Сарматыі" паведамляе, што маскоўцы вывелі з Полацку 50-тысячны палон. Гісторык і сьведка падзеяў Мацей Стрыйкоўскі, які служыў у войску Княства выведнікам, у сваёй "Кроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі" дадае, што праваслаўных палачанаў, у тым ліку кабет і дзяцей, вялі не па-хрысьціянску, а гналі зімовымі дарогамі, "як юдэяў да Бабілёну" — злыганых вяроўкамі, абы-як апранутых і амаль не кармілі. Людзі тысячамі гінулі ў сумётах, і на радзіму амаль ніхто ўжо не вярнуўся.
А потым была самая жудасная ў нашай гісторыі вайна. Не зь нямецка-фашысцкімі акупантамі, як, магчыма, нехта падумаў, а з расейскімі захопнікамі. У сярэдзіне XVII стагодзьдзя тыя спалілі й ператварылі ў руіны дзясяткі гарадоў і мястэчак, амаль цалкам выразалі Амсьціслаў. Заняўшы Вільню, без разбору гвалцілі і каталіцкіх, і праваслаўных манашак. Палонных царскія стральцы прадавалі маскоўскім памешчыкам па 3—5 рублёў за чалавека, а таксама адпраўлялі ў Астрахань, дзе беларусаў скуплялі гандляры рабамі з Асманскай імпэрыі. "Навошта столькі крыўды, крадзяжоў, пакутаў і забойстваў у гарадах і вёсках, за што ў кожным месцы чуецца плач і ліюцца сьлёзы?" — у роспачы пісаў да царскіх ваяводаў праваслаўны, заўважым, япіскап полацкі і віцебскі Каліст.
Адказам нашых прадзедаў быў масавы партызанскі рух. Найбольш дзейсны адпор ад самага пачатку вайны акупанты атрымлівалі на Смаленшчыне, а таксама ў Прыдзьвіньні і на Магілеўшчыне, дзе партызаны няраз уступалі ў адкрытыя баі з расейскімі войскамі. 1 лютага 1661 году жыхары Магілева, ня вытрымаўшы гвалту й бясконцага рабаваньня, сказалі свой дзякуй, выразаўшы ўвесь 7-тысячны царскі гарнізон.
У вайне 1654—1667 гадоў Беларусь страціла 52 % насельніцтва, пра што цяпер можна прачытаць ужо ня толькі ў сэнсацыйнай для свайго часу кнізе Генадзя Сагановіча "Невядомая вайна" або ў кнігах Арлова ці Анатоля Тараса, але і ў падручніках гісторыі. Якраз у той дэмаграфічнай, эканамічнай, культурнай катастрофе палягаюць шмат якія нашы сучасныя праблемы і няшчасьці.
Я запытаўся б уладыку, зь якой прычыны яму недаспадобы, што беларускія дзеці будуць ведаць гэтыя факты. Можа, таму, што расейскае праваслаўе заўсёды было прыдаткам дзяржаўнай машыны і сэрвільна падтрымлівала яе захопніцкую палітыку? Падчас згаданага вышэй "крывавага патопу" патрыярх Нікан, да прыкладу, склаў з царом Аляксеем Міхайлавічам велічны (і пасьпяхова перавыкананы) плян перасяленьня ў Масковію 300 тысяч беларусаў.
У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай мара сьвецкіх і царкоўных расейскіх валадароў зьдзейсьнілася: Беларусь апынулася ў кіпцюрах дзьвюхгаловага арла і была ператвораная ў калёнію. Але тут пачынаецца ўжо іншая гісторыя.
