Гадавіна ўзнікнення Сярэдняй Літвы
Фактычным кіраўніком дзяржавы стаў Люцыян Жалігоўскі. Прызначаны ім урад складаўся з прыхільнікаў аўтаноміі Літвы замест інкарпарацыі Польшчай.
Artykuł Гадавіна ўзнікнення Сярэдняй Літвы pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
12 кастрычніка 1920 года Віленшчына была абвешчаная незалежнай дзяржаваю пад назовам Сярэдняя Літва. У ейны склад увайшлі дзевяць паветаў з тэрыторыяй блізу 10 тысяч км². Акрамя Вільні, найбольш буйнымі месцамі былі Ашмяны, Свянцяны, Смаргонь і Трокі.
![](https://www.racyja.com/wp-content/uploads/2022/10/Rzeczpospolita_Central_Lithuania.png)
Краіна Жалігоўскага
Фактычным кіраўніком дзяржавы стаў Люцыян Жалігоўскі. Прызначаны Жалігоўскім урад складаўся пераважна з прыхільнікаў аўтаноміі Літвы замест інкарпарацыі Польшчай. Пытанне палітычнай прыналежнасці Сярэдняй Літвы канчаткова павінен быў вырашыць сойм і правядзенне плебісцыту.
![](https://www.racyja.com/wp-content/uploads/2022/10/Zeligowski_LOC_31862u.jpg)
Краіна мела сваю судовую сістэму, уласныя грошы, сімволіку, паштовыя маркі з «Пагоняй», партрэтамі гістарычных і культурных дзеячаў, у тым ліку вялікага князя і караля Уладзіслава Ягайлы, Тадэвуша Касцюшкі, Адама Міцкевіча, а таксама выявамі архітэктурных помнікаў Віленшчыны.
![](https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/2/20/Centrallithuania1920stamps.jpg)
У наступным годзе ў Сярэдняй Літве працавала ўжо 186 беларускіх школаў, Віленская беларуская гімназія і Барунская настаўніцкая семінарыя.
Няма сумневу, што Сярэдняя Літва была ўсё ж часовай квазідзяржавай, існаванне якой было завязана з цяжкай міжнароднай сітуацыяй у пасляваеннай Еўропе. Гэта было таксама сведчаннем шырокіх геапалітычных планаў Пілсудскага. Так, Юзаф Пілсудскі імкнуўся да стварэння саюзнае з Польшчай літоўскае федэрацыі – Літвы Паўночнай (Літвы Ковенскай), Літвы Сярэдняй і Літвы Паўднёвай (са сталіцай у Наваградку).
![](https://www.racyja.com/wp-content/uploads/2022/10/311249793_5566494986776563_278778715029820633_n-1.jpg)
Але мэты стваральнікаў Сярэдняе Літвы, нягледзячы на ўсю неадназначнасць, выглядаюць абсалютна шчырымі. Тут можна ўзгадаць цытату Люцыяна Жалігоўскага: «Вільню заняў не польскі генерал Жалігоўскі, а Літвін Жалігоўскі. Мараю гэтага апошняга было жыць сярод суайчыннікаў на літоўскай зямлі».
Канстанцін Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Гадавіна ўзнікнення Сярэдняй Літвы pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.