Беларусь хоча адмовіцца ад участкаў для галасавання за мяжой
Беларусь хоча адмовіцца ад участкаў для галасавання за мяжой. Пра гэта паведаміў старшыня ЦВК Ігар Карпенка ў каментары БелТА аб праекце абноўленага Выбарчага кодэкса.
«У праект закона закладзены нормы, якія адлюстроўваюць досвед правядзення электаральных кампаній. Так, не будуць утварацца ўчасткі для галасавання за мяжой, што звязана з існуючым адмоўным вопытам правядзення выбарчых кампаній з прычыны неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі, адсутнасці неабходных умоў для бяспекі работнікаў загранустаноў і грамадзян, скарачэння колькасці работнікаў дыпламатычных службаў», — распавёў ён.
Карпенка паведаміў, што нормы выбарчага заканадаўства прыведзены ў адпаведнасць з Канстытуцыяй. Размова ідзе аб узроставым цэнзе ў 40 гадоў для кандыдатаў у прэзідэнты, не больш за два тэрміны знаходжання на пасадзе.
Згодна з праектам, прымаць удзел у галасаванні змогуць асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай, вызначаецца парадак абрання дэлегатаў ВНС ад мясцовых саветаў дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці, рэгламентаваны працэдуры прызнання выбараў неканстытуцыйнымі або нелегітымнымі.
Акрамя таго, у праекце адлюстраваны наступныя нормы:
– скарэкціраваны тэрміны выбарчых працэдур;
– скарочаны тэрмін на акрэдытацыю нацыянальных назіральнікаў да дня датэрміновага галасавання;
– аптымізаваны тэрміны выбараў у Савет Рэспублікі, якія будуць арганізаваны пасля адзінага дня галасавання дэпутатамі мясцовых саветаў новага 29-га склікання;
– зменена сістэма выбарчых камісій;
– зменшана колькасць чальцоў раённых, гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання) камісій, гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання), сельскіх, пасялковых камісій;
– прапануецца адмяніць парог яўкі на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў па аналогіі з выбарамі ў мясцовыя саветы;
– зменена колькасць подпісаў выбаршчыкаў, неабходных для вылучэння кандыдатам у дэпутаты мясцовага савета дэпутатаў: 1 працэнт ад выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі гэтай выбарчай акругі, але не менш як 10 подпісаў;
– прапанавана пры складанні спісаў выбаршчыкаў выкарыстоўваць даныя рэгістра насельніцтва, што спросціць і паскорыць працэс складання спісаў і ў далейшым будзе садзейнічаць стварэнню і выкарыстанню рэгістра выбаршчыкаў. Будзе падоўжана работа па аўтаматызацыі працоўных месцаў сябраў выбарчых камісій.
Навацыі плануюць абмеркаваць з прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, у тым ліку ў рэгіёнах, а 28 кастрычніка – на пасяджэнні ЦВК.
Artykuł Беларусь хоча адмовіцца ад участкаў для галасавання за мяжой pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
