Гвалт супраць жанчын: злачынства, якое ня ведае межаў
Маштабны фізычны, сэксуалізаваны і псыхалягічны гвалт — частка таго, што актывісты называюць глябальнай атакай на правы жанчын.
Найбольш яскрава гэта праяўляецца ў Афганістане, дзе Талібан фактычна выкрасьліў жанчын з грамадзкага жыцьця і моцна абмежаваў іх асноўныя правы. Пад кіраўніцтвам гэтай радыкальнай групоўкі Афганістан стаў адзінай краінай у сьвеце, дзе падлеткам-дзяўчатам забаронена наведваць школу.
«Я хацела стаць доктарам і дапамагаць сваёй краіне, — расказала Марзех, дзяўчынка з Афганістану, у інтэрвію казаскай службе Радыё Свабода — Радыё Азаттык. — Я вучылася дзевяць гадоў, але ўсё было марна. Цяпер я проста сяджу дома».
Ніводная краіна не прызнала Талібан, які захапіў уладу ў 2021 годзе. Але ўсё больш краін, у тым ліку на Захадзе, супрацоўнічаюць зь ягоным урадам у пытаньнях гандлю, бясьпекі і міграцыі.
«Калі сьвет можа бачыць, як Талібан абыходзіцца з жанчынамі і дзяўчатамі, і адварочвацца, засяродзіўшыся замест гэтага на партнэрстве з Талібанам па іншых пытаньнях, гэта сьведчыць пра тое, як мала правы жанчын і дзяўчат значаць для сусьветных лідэраў», — заявіла Хізэр Бар, намесьніца дырэктара па правах жанчын у Human Rights Watch.
Пры кіраваньні Талібана ў Афганістане рэзка паболела прымусовых, раньніх і дзіцячых шлюбаў. ААН паведаміла, што за апошнія тры гады колькасьць дзіцячых шлюбаў павялічылася прыкладна на 25 працэнтаў.
Праваабарончыя арганізацыі называюць прычынамі такога росту сур’ёзны эканамічны і гуманітарны крызіс, а таксама адсутнасьць адукацыйных і прафэсійных пэрспэктываў для жанчын.
«Я выйшла замуж у 14, і ў 15 нарадзіла першае дзіця, — расказвае Шазія, дзіця-нявеста, у інтэрвію Радыё Азаттык. — Гэта была дачка. Мне было вельмі цяжка. Я нават ня думала, што выжыву».
«Свабода выбару»
У суседнім Іране жанчынам забаронена займацца многімі відамі дзейнасьці, удзельнічаць у спартовых спаборніцтвах, а таксама атрымліваць пашпарт або пакідаць краіну без дазволу мужа. Жанчыны, якія парушаюць ісламскі дрэс-код, могуць атрымаць штраф і трапіць у турму на тэрмін да 10 гадоў.
Аднак усё больш іранскіх жанчын адмаўляюцца насіць абавязковы хіджаб ці ісламскую хустку ў знак пратэсту супраць улады духавенства.
«Хіджаб — сымбаль прыгнёту жанчын у Іране, — кажа іранскай службе Радыё Свабода — Радыё Фарда 20-гадовая жанчына, якая жыве ў краіне. — Гэты кавалак тканіны сымбалізуе права, якое ў нас адабралі. Гэта свабода выбіраць, што я хачу насіць».
Пытаньне пра спрэчны хіджаб было ў цэнтры беспрэцэдэнтных пратэстаў, якія разгарэліся ў Іране ў 2022 годзе. Дэманстрацыі былі выкліканыя сьмерцю ў зьняволеньні Махсы Аміні, маладой жанчыны, арыштаванай за нібыта парушэньне закону пра хіджаб.
Падчас пратэстаў жанчыны і дзяўчаты здымалі і спальвалі свае хіджабы.
Улады жорстка разганялі пратэстоўцаў і ўзмацнілі кантроль за выкананьнем правілаў аб хіджабе.
У той жа час у Іране кожны год дзясяткі жанчын гінуць ад рук сваіх сваякоў — мужоў, бацькаў або братоў — у імя захаваньня «гонару» сям’і.
Паводле дадзеных НДА Stop Femicide Iran, у 2023 годзе ахвярамі фэміцыду [наўмыснае забойства жанчын, дзяўчат ці дзяўчынак, таму што яны жанчыны] у Іране сталі больш за 150 жанчын.
Палітычная воля
Гвалт па гендэрнай прыкмеце пашыраны нават у краінах, дзе жанчыны не сутыкаюцца з абмежаваньнямі ў зьнешнім выглядзе, свабодзе перамяшчэньня і праве працаваць або вучыцца.
ААН у 2023 годзе падлічыла, што кожныя 10 хвілін адна жанчына гіне ад рук свайго партнэра або члена сям’і. Паводле зьвестак гэтай арганізацыі, кожная трэцяя жанчына хоць бы раз у жыцьці сутыкаецца з гвалтам.
У Косаве за апошнія 14 гадоў ад фэміцыду загінулі мінімум 58 жанчын.
20-гадовую Эрону забілі ў красавіку, амаль праз год пасьля разводу. У забойстве абвінавачваецца яе былы муж.
Маці Эроны, Міліхат'я, лічыць, што яе дачка гадамі пакутавала ад хатняга гвалту.
«Яна прыходзіла дадому і казала, што больш ня вернецца да яго, але нешта адбывалася, і яна зноў ішла назад, — расказала яна Радыё Косава. — Потым яна казала: „Мама, усё ў парадку“, але я ведала, што яна пакутуе», — працягвае Міліхат'я.
У Босьніі і Герцагавіне мужчына трансьляваў у Instagram забойства сваёй былой жонкі, а пасьля накіраваў зброю на сябе. Гэтае жудаснае здарэньне, якое адбылося ў жніўні 2023 году, выклікала шок і абурэньне. Яно падкрэсьліла маштабы праблемы гвалту супраць жанчын у краіне.
Майда, жыхарка паўночнага ўсходу Босьніі, расказала, што каля году таму яна разьвялася і падала ў паліцыю на свайго мужа-гвалтаўніка.
«Ён прыйшоў і схапіў мяне за шыю. Мае дзеці гэта бачылі і пачалі плакаць. Я сказала ім: „У мяне ўсё добра“, але потым ён ударыў мяне», — расказала яна Балканскай службе Радыё Свабода.
Муж пагражаў ёй і іхным дзецям.
«Я ведаю, на што ён здольны, таму вырашыла зьвярнуцца ў паліцыю і паведаміць пра гэта», — кажа Майда.
У выніку яна здолела атрымаць супраць яго абмежавальны ордэр. Але, як кажа Майда, яна ўсё яшчэ не адчувае сябе ў бясьпецы.
«Ён можа прыйсьці ў любы момант і зрабіць тое, што ў яго ў галаве», — дадае яна.
Экспэрты лічаць, што гвалт на гендэрнай глебе можна прадухіліць, і шмат што залежыць ад палітычнай волі.
«Гэтыя праблемы не зьяўляюцца ні таямнічымі, ні непераадольнымі — яны патрабуюць толькі таго, каб урады сапраўды імкнуліся абараняць правы жанчын і дзяўчат, а таксама стваралі неабходныя рэсурсы, сыстэмы і экспэртызу для гэтага», — адзначае Хізэр Бар з Human Rights Watch.