Ён рыхтаваў спеўнікі для беларускіх дзетак
Выбітнаму беларускаму грамадска-культурнаму дзеячу пачатку ХХ стагоддзя Антон Грыневічу (1877-1937) 3 траўня спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння.
Artykuł Ён рыхтаваў спеўнікі для беларускіх дзетак pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Выбітнаму беларускаму грамадска-культурнаму дзеячу пачатку ХХ стагоддзя Антон Грыневічу (1877-1937) 3 траўня спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння. Ён нарадзіўся ў 1877 годзе ў Лепельскім павеце Віцебскай губерні ў фальварку Іваноўшчына. Скончыў Дзісненскае гарадское вучылішча, пасля гэтага набываў адукацыю ў музычнай школе ў Пецярбурзе, а пазней – на спецыяльных вакальных курсах. Асноўнымі яго зацікаўленнямі былі музыка, а таксама выдавецкая дзейнасць.
Антон Грыневіч збіраў беларускія народныя песні, ладзіў прыватную выдавецкую дзейнасць, якая існавала за яго ўласны кошт, вывучаў тэорыю музыкі і спеваў, удзельнічаў і сам арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі па Беларусі, а таксама друкаваў свае першыя музычна-фалькларыстычныя зборнікі.
Выдавецтва Антона Грыневіча было заснавана ў 1910 годзе ў Пецярбурзе, дзе выдаваліся творы беларускай літаратуры і музыкі. У перыяд 1910-1912 гадоў свет пабачылі два тамы „Беларускіх песень з нотамі”, якія Антон Грыневіч сабраў разам з Андрэем Зязюлем і выдаў у сваім пецярбургскім выдавецтве. Гэта выдавецтва праіснавала да 1913 года. Але Пецярбург не быў адзіным горадам, дзе разгарнуў сваю выдавецкую дзейнасць Антон Грыневіч. У 1913 годзе ў Вільні было заснавана выдавецтва „А. Грыневіч” .
Шмат у чым Антон Грыневіч спрычыніўся да развіцця культуры, адукацыі і школьніцтва. Ён актыўна займаўся выкладаннем музычнай навукі ў школах Беларусі і арганізацыяй працэсу навучання, а таксама забеспячэннем вучняў падручнікамі, ў тым ліку свайго аўтарства.
Антон Грыневіч. Малюнак Язэпа Драздовіча, 1923 г.
За перыяд з 1905 да 1920 гады Антон Грыневіч напісаў і выдаў некалькі кніг: „Беларускія песьні з нотамі на адзін голас”, „Школьны сьпеўнік” і „Народны сьпеўнік”. Былі падрыхтаваныя да друку кнігі: „Канцэртны сьпеўнік”, „Аднагалосыя, двухгалосыя і харавыя канцэртныя сьпевы”, „Навучнік першых музычных правіл”, а таксама „Музычна-этнаграфічны зборнік беларускіх народных песень, запісаных Антонам Грыневічам у 1906-1920 гг.”. Збіранне фальклора было неад’емнай часткай дзейнасці Антона Грыневіча, працягам амаль усяго яго свядомага жыцця.
Стаяць крайні справа Антон Грыневіч, каля дзвярэй – Язэп Драздовіч і Гальяш Леўчык. Другая палова 1920-х гадоў.
Калі Антон Грыневіч завяршыў працу ў Інбелкульце, ён наведаў Гарадок, Віцебск і свае родныя мясціны побач, а таксама Менск. Але ў 1931 годзе грамадска-культурны дзеяч быў асуджаны органамі НКУС і этапаваны ў ГУЛАГ, дзе пакаранне адбываў у Беламорска-Балтыйскім канцлагеры. А 25 лістапада 1937 года, „тройкай” НКУС па Ленінградскай вобласці па артыкуле 58-10-11 УК РСФСР „за антысавецкую агітацыю” Антона Грыневіча расстралялі.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Ён рыхтаваў спеўнікі для беларускіх дзетак pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.