Чыноўнік з адміністрацыі Пуціна напісаў пра «вобраз будучыні Расеі». Пра што там гаворка
Начальнік упраўленьня прэзыдэнта Расеі ў забесьпячэньні дзейнасьці Дзяржсавету — структуры адміністрацыі прэзыдэнта — Аляксандр Харычаў з суаўтарамі напісаў артыкул пра вобраз будучыні Расеі.
У артыкуле аналізуюцца вынікі групавых дыскусій, у якіх з сакавіка па травень 2022 году ўдзельнічалі студэнты МДУ і ВШЭ, а таксама выкладчыкі — удзельнікі канфэрэнцыі ў анэксаваным Севастопалі, усяго 70 чалавек.
Харычаў і яго суаўтары, у ліку якіх дэкан факультэту паліталёгіі МДУ Андрэй Шутаў і супрацоўнік «Расатаму» Андрэй Палосін, прыйшлі да высновы, што вобраз будучай Расеі ў ходзе абмеркаваньняў вызначаўся праз «гарманічнае суіснаваньне, мэсіянства, нявызначанасьць, пастаяннае чаканьне цуду, арыентацыю на вобразы «мінулага». Па выніках дыскусій аўтары артыкулу сфармавалі некалькі канцэпцый будучай Расеі. Сярод іх:
Расейская будучыня — гэта другі том «Мёртвых душ», спалены яго аўтарам Мікалаем Гогалем.
Дзяржава — Жар-птушка. Сымбаль Жар-птушкі суаўтары артыкулу інтэрпрэтавалі як «нейкі прадвесьнік эканамічнай стабільнасьці і выкараненьня карупцыі».
Расея — «краіна-прарок»: «пасьля выкананьня прызначэньня Расея і расейцы патрапяць у лепшы сьвет, таму што выратавалі яго».
Расея як сусьветны вартаўнік, «вартаўнік дабра». У апісаньні гэтай выявы прыводзіцца цытата, па ўсёй бачнасьці, удзельніка дыскусіі: «У нас няма ўжо ніякай эканамічнай моцы, няма кампэтэнцый для таго, каб ратаваць іншых, але ў нас ёсьць сіла пераконваць, ёсьць здольнасьць генэраваць ідэі».
Чалавек у «Расеі будучыні» сярод іншага «ганарыцца сваёй краінай, уплывовы і запатрабаваны, матэрыяльна забясьпечаны», а таксама як спэцыяліст карысны супольнасьці, да якой належыць, і дасягае посьпеху ў асабістай самарэалізацыі, пішуць аўтары артыкула.
Паводле зьвестках крыніц «Медузы», Харычаў і Палосін курыруюць распрацоўку новага прадмета ў ВНУ — нейкай «ідэалягічнай дысцыпліны», аналягічнай навуковаму камунізму, які вывучалі ва ўнівэрсытэтах у савецкі час.