Вільня падчас Калядаў
Штогод на Каляды ў горадзе праходзіць конкурс на лепшае ўпрыгожванне ўстаноў і кавярняў.
Artykuł Вільня падчас Калядаў pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
У Новым годзе Вільня адзначае сваё 700-годдзе. І ўжо напрыканцы 2022 года горад пачаў здзіўляць сваіх жыхароў і турыстаў размахам і шыкоўнай падрыхтоўкай да свята.
На галоўную ялінку, якая сёлета паўстала на Кафедральнай плошчы ў выглядзе торта з 700 свечкамі і дэкаратыўнымі люстрамі літоўскія ўлады выдаткавалі 232 тысячы еўра. Але трэба зазначыць, што яны ў сваю чаргу сэканомілі на ялінцы на Ратушнай плошчы.
Замест яе там паўстаў са снегу і лёду сімвал горада так званы жалезны воўк з легенды пра ўтварэнне Вільні. Дарэчы, добрая забава для дзетак. Ён стаіць на снежнай гары, з якой дзеці яшчэ і катаюцца. А пасля разам з дарослымі робяць сэлфі на фоне казачнай істоты.
Як заўжды радуе людзей сваімі ўпрыгожаннямі самая турыстычная і насычаная кавярнямі вуліца Сціклю. Штогод на Каляды ў горадзе праходзіць конкурс на лепшае ўпрыгожванне ўстаноў і кавярняў. Дэкор тычыцца адпаведнай тэмы, сёлета была тэма ўтульнасці. Першае месца ў гэтым годзе заняла дэкаратыўная інсталяцыя на месцы былой Лукішскай турмы, другое – ялінка ў чыгуначным парку, трэцяе – вустрычны бар “Пяшчотная крэветка” з ялінкай, сабранай з вустрычных ракавін.
Уздоўж Кафедральнай плошчы праходзіць святочны кірмаш, дзе прадаюцца розныя сувеніры, прысмакі і напоі.
А побач з ім паўстаў святочны прыпынак, ад якога ад’язджае калядны цягнік. На ім бацькі разам з дзеткамі могуць праехаць пад калядную музыку цягам 20 хвілін па асноўных вуліцах Вільні і палюбавацца прыгажосцю святочнага горада.
Не будзем раскрываць усіх святочных прапановаў і паказваць усю прыгажосць Вільні. Пакінем на пасля, каб зацікавіць вас, дарагія сябры, наведаць прыгожую сталіцу Літвы, якая пачынае адзначаць свой маштабны юбілей ужо ў студзені наступнага года. Мяркуецца, што сёлетні фэст святла, з якога звычайна пачынаецца святкаванне юбілею горада, уразіць жыхароў і гасцей Вільні яшчэ больш за мінулыя гады.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Вільня падчас Калядаў pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.