Тэматычны эфір да 100-годдзя беларускага кіно на тэлеканале “Беларусь 3”
17 снежня беларускі кінематограф адзначыць векавы юбілей. Спецыяльна да святочнай даты эфір тэлеканала “Беларусь 3” напоўніцца гульнявымі і анімацыйнымі стужкамі, дакументальнымі фільмамі і тэматычнымі праектамі.
На тыдні з 17 па 22 снежня тэлеканал “Беларусь 3” прапануе акунуцца ў гісторыю і сучаснасць айчыннага кінамастацтва і рыхтуе вялікі тэматычны эфір. Гледачоў чакае шырокая рэтраспектыва фільмаў, створаных беларускімі рэжысёрамі, тэлеверсіі канцэртных праграм і гучныя прэм’еры.
21 снежня на “Беларусь 3” пройдзе маштабная акцыя. На працягу дня студыю тэлеканала наведаюць знакамітыя беларускія кінематаграфісты. Так, гасцямі стануць рэжысёры Аляксандр Ленкін, Алена Турава, Іван Паўлаў і Ігар Бышнёў, дырэктар Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лiстапад” (1996–2008 гады) Валянціна Сцяпанава і генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Юрый Аляксей. Яны распавядуць пра сваю творчасць і апошнія дасягненні айчыннага кінематографа.
У гэты ж дзень у 18:30 адбудзецца прэм’ера дакументальнага фільма рэжысёра Сяргея Кацьера, прысвечанага 30-годдзю Міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”.
У 23:20 у эфіры “Беларусь 3” – тэлеверсія канцэрта Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.І. Жыновіча “Музычная спадчына беларускага кінематографа”. Канцэрт адбудзецца ў Белдзяржфілармоніі 18 снежня.
21 снежня ў праграме сацыякультурнага канала – толькі беларускае кіно.
Адзначым, да векавога юбілея айчыннага кіно тэлеканал “Беларусь 3” правёў шэраг эфірных акцый. Гледачы мелі магчымасць убачыць дакументальнае кіно, створанае такімі беларускімі рэжысёрамі як Ігар Рудамётаў, Віктар Карпілаў, Валерый Жыгалка, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Мухарскі і іншымі. На працягу года ў межах рэтраспектыўнага паказу ў эфір выйшла больш за 50 дакументальных фільмаў
1961–1988 гадоў.
У верасні тэлеканал “Беларусь 3” паказаў 6-серыйны праект “Сведкі Вялікай Айчыннай” пра родапачынальнікаў беларускай дакументалістыкі.