Пантоны, равы і «зубы цмока». Як Латвія зьмяніла сваю мяжу зь Беларусьсю за апошнія тры гады
Латвійска-беларуская мяжа зьмянілася да непазнавальнасьці за апошнія тры гады. У лясах і на балотах пабудавалі новыя дарогі, цераз азёры праклалі пантонныя пераправы, вырытыя супрацьтанкавыя загароджы і равы – гэтыя зьмены Свабода заўважыла на абноўленых здымках сэрвісу Google Earth.
Свабода выявіла дакладныя зьмены і абмеркавала іх з экспэртамі.
145 кілямэтраў плоту ўздоўж мяжы зь БеларусьсюЛатвія завяршыла пабудову плота на межах з Беларусьсю і Расеяй. Пра гэта 29 сьнежня паведаміла латвійская кампанія «Valsts nekustamie īpašumi», якая адказвае за ўзьвядзеньне агароджы. Агульная даўжыня плота склала 425 кілямэтраў, з якіх 145 кілямэтраў прыпадаюць на беларускі ўчастак.
Будаўніцтва плота на мяжы з Беларусьсю было завершана ў жніўні 2024 года, аднак працы па яго тэхнічным удасканаленьні і стварэньні дадатковай інфраструктуры працягваюцца. Акрамя плоту, тут збудавалі 120 кілямэтраў патрульных дарог і 27 кілямэтраў дарог для пешага патруляваньня. У параўнаньні з 2022 годам на спадарожнікавых здымках Google Earth цяперашні выгляд беларуска-латвійскай мяжы зьмяніўся кардынальна: там, дзе былі балоты, цяпер пракладзеныя дарогі.
Асаблівасьць беларуска-латвійскага памежжа ў тым, што дзяржаўная мяжа часта ідзе па рэках, балотах і азёрах. Для кантролю такой мясцовасьці тут насыпалі патрульныя дарогі для тэхнікі, месцамі з драўлянымі насьціламі.
Для патруляваньня мяжы ў Латвіі праклалі пантонныя масты — агулам 1,75 кілямэтра пантонаў цераз вялікія азёры. У іншых краінах такіх тэхнічных рашэньняў яшчэ не выкарыстоўвалі.
«Гэтае вельмі арыгінальнае тэхнічнае рашэньне. І мы лічым, вельмі ўдалае. Там дзе раней на лодках можна было пераправіцца (мігрантам — РС), зараз гэта ўжо складана рабіць», — пракамэнтаваў Свабодзе Ігар Раеў (Igors Raevs), дэпутат латвійскага Сэйма, парлямэнтарны сакратара МУС і палкоўнік запасу Ўзброеных сілаў Латвіі.
Уздоўж Дзьвіны на мяжы зь Беларусьсью да канца вясны 2026 года плянуюць завершыць узьвядзеньне шасьці спэцыяльных вежаў з тэхналягічным абсталяваньнем, якое будзе кантраляваць паверхню ракі. Гэта каштавала Латвіі амаль 3,6 мільёны даляраў.
Сымбалічныя зьмены адбыліся з савецкім помнікам «Курган сяброўства». Яго ўзьвялі на стыку межаў Беларусі, Расеі і Латвіі ў 1959 годзе. Савецкія, а пасьля расейскія і беларускія ўлады ладзілі тут сходы «сяброўскіх народаў» 2 ліпеня ў гонар вэтэранаў Другой сусьветнай вайны.
У 2022 годзе, пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, Латвія дазволіла дэмантаваць на сваёй тэрыторыі помнікі, што праслаўляюць савецкі і нацысцкі рэжымы, і на «Кургане дружбы» з латвійскага боку часткова дэмантавалі пліты. А потым насупраць кургану выкапалі супрацьтанкавы роў, паставілі мэталічны плот з калючым дротам, «зубы цмока», а таксама прыбралі масток, што злучаў Латвію зь Беларусьсю.
Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну прымусіла Латвію заняцца мяжойЗ пункту гледжаньня ўнутранай бясьпекі ўзровень пагрозы з боку Беларусі ў Латвіі ўспрымаюць нават вышэйшым, чым з боку Расеі, тлумачыць Ігар Раеў.
«Я не кажу нават пра інфармацыйныя і кібэрнапады ці іншыя формы ціску. Сытуацыя і дзеяньні ў раёне, бліжэйшым да беларускай мяжы, на дадзены момант выклікаюць больш занепакоенасьці. Гэта таму, што ўсе гібрыдныя пагрозы адбываюцца менавіта на мяжы з Беларусьсю, а не на мяжы з Расеяй», — сказаў Раеў.
Паводле латвійскага дэпутата, сытуацыя на латвійска-беларускай мяжы ў апошні год стала значна больш напружанай. Ён адзначае, што групы мігрантаў, якія зараз «перакідваюцца» паміж межамі Польшчы, Літвы і Латвіі, цяпер дзейнічаюць у асноўным на латвійскім участку.
«Гібрыдная пагроза, якую спэцыяльна ўтвараюць», — кажа пра гэта Раеў і адзначае, што сапраўдныя міграцыйныя патокі выглядалі б інакш, калі б яны былі натуральнымі.
Раеў прызнае, што Латвія занадта доўга адкладала поўна маштабнае ўмацаваньне сваёй усходняй мяжы. Толькі расейскае ўварваньне ва Ўкраіну прымусіла краіну «нарэшце заняцца пытаньнем сур’ёзна» і інвэставаць у інжынэрныя і ваенныя рашэньні. Адным з найбольш складаных этапаў стала будаўніцтва ў забалочаных зонах зь Беларусьсю. Пантонныя патрульныя трасы, паводле Раева, сталі «вельмі арыгінальным тэхнічным рашэньнем» і ўжо істотна абмежавалі магчымасьць нелегальнага перамяшчэньня цераз азёры і балоты.
Чаму ў Польшчы і Літве розныя абарончыя збудаваньні На спадарожнікавых здымках менавіта латвійскія памежныя ўмацаваньні ўражваюць сваім маштабам. Яны адрозьніваюцца ад таго, якім чынам ад Беларусі адмежаваліся іншыя краіны НАТА. Так, Польшча ўзьвяла плот вышынёй 5,5 мэтраў амаль на ўсёй даўжыні мяжы. Для дапамогі памежнікам на мяжы таксама ўвесь час знаходзіцца каля 4 тысяч вайскоўцаў. Літва таксама збудавала плот, аднак не так высокі.
Але чаму краіны-чальцы НАТА па-рознаму абараняюць свае межы? Літоўскі вайсковы экспэрт Дарус Антанайціс (Darius Antanaitis) у інтэрвію Свабодзе патлумачыў, што ў НАТА не існуе ўніфікаванага стандарту памежных умацаваньняў. Кожная краіна-чалец нясе поўную адказнасьць за абарону ўласнай тэрыторыі, уключна з інжынэрнымі рашэньнямі на мяжы. У выпадку нападу хаўрусьнікі па НАТА прыцягваюцца ў дапамогу.
Менавіта таму не рэглямэнтуе вышыню платоў, тыпы фартыфікацый або канфігурацыю інжынэрных перашкодаў. НАТА дбае пра сумяшчальнасьць войскаў, лягістыку і разьведвальную каардынацыю, але не замяняе нацыянальную абарону. У мірны час памежная інфраструктура застаецца ў кампэтэнцыі нацыянальных уладаў — міністэрстваў унутраных спраў, а не абароны.
Антанайціс падкрэсьлівае, што бачная інжынэрная абарона не павінна блытацца з падрыхтоўкай да вайны.
«Калі мы можам убачыць гэтыя аб’екты на спадарожнікавых здымках, значыць, іх бачыць і праціўнік. З вайсковага пункту гледжаньня гэта ня мае сэнсу (як вайсковае ўмацаваньне — РС)», — сказаў Антанайціс.
Такім чынам, умацаваньні, якія сёньня відаць на спадарожнікавых здымках уздоўж межаў з Беларусьсю, — гэта перш за ўсё нацыянальныя рашэньні мірнага часу, прыстасаваныя да канкрэтных пагроз, геаграфіі і ўнутраных умоваў, а не элемэнты адзінай «лініі НАТА».
«Ніводная лінія абароны ў гісторыі не спрацавала»Дарус Антанайціс заклікае ня блытаць тое, што бачна на спадарожнікавых здымках, з паўнавартаснай вайсковай абаронай. Паводле яго, большасьць платоў, дарог і загарод уздоўж межаў з Беларусьсю — гэта мірная інфраструктура, прызначаная найперш для кантролю нелегальнай міграцыі і памежных патрулёў.
Паводле яго, клясычныя інжынэрныя лініі абароны не працуюць у сучаснай вайне: праціўнік або абыходзіць іх, або загадзя рыхтуецца да іх зьнішчэньня. А таму, паводле з дактрыны НАТА, ключавымі элемэнтамі абароны зьяўляюцца не бэтон і равы, а выведка, манэўранасьць, хуткасьць і агнявая перавага.
«Ніводная лінія абароны ў гісторыі не спрацавала так, як плянавалася», — адзначае ён. — Хіба што толькі Вялікая кітайская сьцяна».
З ім пагаджаецца і Ігар Раеў. На ягоную думку, сучасная абарона патрабуе камбінацыі розных тэхналёгій і сродкаў.
«Простага ўсталяваньня агароджы з калючага дроту недастаткова. Патрэбны комплексны падыход — датчыкі, радары і, вядома ж, бесьпілётнікі», — кажа ён.
Экспэрты лічаць, што інжынэрныя збудаваньні ўздоўж межаў Польшчы, Літвы і Латвіі варта разглядаць не як падрыхтоўку да вайны, а як інструмэнт ідэнтыфікацыі мяжы і кіраваньня крызісамі ў мірны час.
«Таму, калі нейкі грамадзянін Расеі перасячэ мяжу, ён ня зможа сказаць, што проста заблукаў па дарозе. Будзе відавочна, што ён зрабіў гэта наўмысна», — сказаў Антанайціс.
Мясцовыя жыхары: адны баяцца, іншыя адчуваюць палёгкуАднак будаўніцтва інжынэрных і вайсковых умацаваньняў на мяжы Эўразьвязу і Беларусі адчуваецца ня толькі ў памежных рэгіёнах. Інта Бэцнэ (Inta Becne), палітык з Рэзэкнэнскага краю на ўсходзе Латвіі, расказала Свабодзе, што нават за сто кілямэтраў ад мяжы адбываюцца зьмены ў сувязі з падрыхтоўкай Латвіі да абароны.
«У наступным годзе ў нас адкрыецца кадэцкая школа, — кажа Бэцнэ. — Улетку мы часта бачылі, як вайсковыя самалёты ляталі ў бок беларускай мяжы. На шашы сустракалася вайсковая тэхніка»,
Асабіста яна радая таму, што ўлады Латвіі ўмацоўваюць усходнія межы краіны. Інвэстыцыі ў абароназдольнасьць краіны ствараюць новыя працоўныя месцы і паляпшаюць дарожную інфраструктуру. Пры гэтым шмат хто ставіцца да гэтых зьменаў скептычна. Напрыклад, праз абмежаваньні наведваць памежную зону пацярпелі многія агратурыстычныя гаспадаркі, якія шмат гадоў прымалі турыстаў у даліне Дзьвіны на поўдні Латвіі. Але справа ня толькі ў эканоміцы.
«Мясцовыя жыхары ня вераць, што гэта сапраўды зможа нас абараніць. На іх думку, няма сэнсу будаваць абарончыя сьцены і мілітарызаваць інфраструктуру, бо калі Расея вырашыць уварвацца, яна пераадолее любыя перашкоды», — тлумачыць Бэцнэ.
Бліжэйшае будучае латвійска-беларускага памежжа4 сьнежня 2025 года Сэйм Латвіі зацьвердзіў бюджэт на наступны год. У ім гістарычна рэкордная для краіны сума ў 2 мільярды эўра (4,91% ВУП) выдзяляецца на вайсковую абарону. Сярод асноўных артыкулаў расходу — працяг стварэньня супраць мабільнай інфраструктуры для ўмацаваньня ўсходняй мяжы Латвіі.
Таксама рэкордныя сумы на абарону на 2026 год зацьвердзілі ўлады Літвы (4.79 мільярда эўра — 5,38% ВУП) і Польшчы (да 46.8 мільярдаў эўра — 4,8% ВУП).
Рост абаронных бюджэтаў можа тлумачыцца тым, што суседзі Беларусі не чакаюць хуткага паляпшэньня сытуацыі зь бясьпекай у рэгіёне. Ігар Раеў лічыць, што нават са сканчэньнем вайны ва Ўкраіне пагроза з боку Беларусі і Расеі ня зьнікне.
«Нават калі вайна ва Украіне скончыцца, гэта не азначае, што мы наладзім сяброўскія і мірныя адносіны з Расеяй. І з Беларусьсю. На дадзены момант мы ня бачым розьніцы паміж гэтымі дзьвюма краінамі. Нягледзячы на тое, што Беларусь не ўдзельнічае ў адкрытых баявых дзеяньнях, мы разумеем, што яна падтрымлівае расейскі рэжым. І, па сутнасьці, наша стаўленьне да Беларусі мусіць быць дакладна такое ж, як і да Расіі», — кажа Раеў.
