Сучасная лесапілка на “Мастоўдрэў” запрацавала
На ААТ “Мастоўдрэў” адбылося адкрыццё мадэрнізаванага лесапільна-дрэваапрацоўчага цэха. Падзея важкая не толькі для Мастоўшчыны, але і для вобласці агулам.
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2021/07/Rezhuts-chyrvonuyu-stuzhku.jpg)
Рэжуць чырвоную стужку
На мерапрыемстве, акрамя кіраўніцтва раёна, прысутнічаў намеснік старшыні аблвыканкама Віталь Нявера.
Стары цэх адпрацаваў некалькі дзясяткаў гадоў, яго абсталяванне састарылася, і якасць прадукцыі не адпавядала сучасным стандартам. Для цэха быў узведзены новы будынак. Закуплена замежнае абсталяванне, аналагаў якога пакуль няма на абшарах былой постсавецкай прасторы.
Працэс распілу палена аўтаматызаваны. Ручная праца адсутнічае. Бярвяно паступае на лінію, і электроніка ў рэжыме 3D-сканавання падказвае аператару аптымальны варыянт распілу.
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2021/07/Pratsuyuts-aperatary.jpg)
Працуюць аператары
Прадукцыя лініі зададзеных памераў – дошкі і брусы – адразу паступаюць на склад. Магутнасць лініі – сто тысяч кубічных метраў сыравіны ў год.
Прэзентуючы лінію, генеральны дырэктар Сяргей Асосаў сказаў, што пуск яе прымеркаваны да Дня Незалежнасці РБ і Дня вызвалення Мастоўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Апошняе прагучала дзіўна, бо лінія была спраектавана і выраблена нямецкай кампаніяй.
У цэху маецца быць створана 45 рабочых месцаў.
На дадзены момант на Мастоўшчыне працуе дзясятак прыватных лесапілак. Па магутнасці і якасці абсталявання яны значна саступаюць лініі на “Мастаўдрэў”. Аднак іх уладальнікі не лічаць лесапілку ААТ сваім канкурэнтам. І вось чаму. Яны выконваюць больш дробныя заказы, за якія ўзяцца прадпрыемству не выгадна. Другая праблема, што зараз паўстала перад “Мастоўдрэў”, асваенне рынкаў збыту, што ў дадзены момант вельмі праблематычна.
Пры будаўніцтве новага цэха былі скарыстаны крэдыты “Белаграпрамбанка”. Тут жа генеральны дырэктар аб’явіў аб будаўніцтве новага ўчастка па вытворчасці пелет, паліва для катлоў абагравання невялікай ёмкасці. На выраб іх пойдуць адыходы вытворчасці.
Фота «Зара над Нёманам»