Тактычная група «Беларусь» выступіла з заявай наконт затрымання байца АТА ў Мінску
Беларускія добраахвотнікі ў Данбасе, аб'яднаныя ў тактычную групу «Беларусь», апублікавалі ў суполцы «Згуртаванне патрыётаў» заяву адносна затрымання 26 лістапада ў Мінску.
«Тактычная група «Беларусь» заяўляе, што ўсе байцы знаходзяцца ў месцах дыслакацыi ва Украiне. Загадам камандавання добраахвотных батальёнаў, забаронены вываз любой зброi з зоны баявых дзеянняў. Парушэнне гэтага загаду — злачынства», — гаворыцца ў заяве.
Затрыманы не належыць да Тактычнай групы. Хоць ён і меў з ёй кантакт, але ў добраахвотнікаў склалося ўражанне, што гэта неадэкватны чалавек. «Мы не выключаем, што ён мог быць манiпуляваны спецслужбамi», — гаворыцца ў паведамленні.
Добраахвотнікі падазраюць, што растыражаванае дзяржаўнымі СМІ затрыманне — правакацыя, якая ставіць на мэце дыскрэдытаваць беларускі вайсковы і валанцёрскі рух.
«Сваёй заявай хочам данесцi да беларускага народа, што адзiнай арганiзаванай беларускай вайсковай адзiнкай ва Украiне ёсць тактычная група «Беларусь». У шэрагу вайсковых адзiнак ёсьць беларускiя добраахвотнiкi, з якiмi мы супрацоўнiчаем», — адзначаецца ў заяве.
Тактычная група «Беларусь» заклікае не браць інфармацыю з фэйкавых груп у сацыяльных сетках (накшталт «Правы сектар Беларусь»).
Нагадаем, што 26 лістапада Следчы камітэт паведаміў, што на чыгуначным вакзале быў затрыманы мужчына, які прыехаў з Украіны. Былі апублікаваныя фотаздымкі канфіскаваных рэчаў: бронекамізэлька, самаробная граната, пісталет Макарава, некалькі пашпартоў.
На сайце СК быў апублікаваны здымак даведкі, што затрыманы браў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны з 6 кастрычніка (пазыўны «Дук»). Гэта 28-гадовы ураджэнец Віцебшчыны, навучаўся ва ўніверсітэце ў Наваполацку.