Праваабаронцаў выклікалі ў суд
Наталлю Сацункевіч і Сяргея Каспяровіча вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.
4 снежня назіральнікам ад ПЦ «Вясна» і Беларускага Хельсінкскага камітэту Наталлі Сацункевіч і Сяргею Каспяровічу прышлі SMS-паведамленні з Маскоўскага суда з запрашэннем на судовыя разгляды іх адміністратыўных спраў, паведамляе spring96.org.
МВД: «Начали составлять протоколы, но поняли, что это журналисты, и не стали»
Судовыя паседжанні адбудуцца ў панядзелак, 7 снежня, у 15.00 і 16.00 у кабінеце 217 суда Маскоўскага раёна Мінска.
Пратаколы на Наталлю Сацункевіч і Сяргея Каспяровіча паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП («Парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства, якое было здзейснена удзельнікам мерапрыемства») на мірнай акцыі, што адбылася 24 лістапада і была прысвечана дзевятнаццатай гадавіне рэферэндуму 1996 года. Падчас выканання сваіх абавязкаў на масавым мерапрыемстве назіральнікі трымаліся адасоблена ад удзельнікаў.
Яны былі абазначаныя спецыяльнымі бэйджамі і сінімі камізэлькамі, што давала магчымасць супрацоўнікам міліцыі адрозніваць іх ад удзельнікаў мірнага сходу.
Аднак, міліцыянеры палічылі, што Сацункевіч і Каспяровіч удзельнікі акцыі і склалі на іх адпаведныя пратаколы.
Па факце неправамоцных дзеянняў міліцыі праваабаронцы ўжо праінфармавалі спецыяльных дакладчыкаў ААН пра ціск на праваабаронцаў і журналістаў, а таксама звярнуліся ва УУС Мінскага гарвыканкама па прычыне адміністратыўнага пераследу назіральнікаў.
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў выступіла з заявай, у якой рашуча асуджае адміністрацыйны пераслед Сяргея Каспяровіча і Наталлі Сацункевіч, а таксама іншых назіральнікаў, затрыманых падчас акцыі.