У Беластоку рыхтуюцца да тэатральнага фестывалю „Напрамак Усход”
Сёлета даводзіцца думаць і пра бяспеку актораў. У Беластоку рыхтуюцца да тэатральнага фестывалю „Напрамак Усход”.
Ужо 5 раз у сталіцы Падляшша прэзентуюць тэатральнае мастацтва, якое развіваецца з-за ўсходняй мяжой ад Польшчы. Выступяць і беларускія тэатралы. Але не будзе дзяржаўных тэатраў, расказалі на канферэнцыі ў Беластоку.
Вельмі не хочацца мяшаць культуру і палітыку, кажа маршалак Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі, але ведаем, як сёння сітуацыя выглядае ў Беларусі.
– Вельмі рады, што гэтыя акторы хочуць узяць удзел у фестывалі, які ладзіцца ў Беластоку. Спадзяюся, што яны не будуць мець праблемаў з-за гэтага, бо гэта найважнейшае, каб пасля вяртання гэтым людзям нічога не было. Канешне падтрымліваем. Кіраўніцтва Падляшскага ваяводства было суарганізатарам ці падтрымлівала шмат ініцыятываў, якія мелі на мэце грамадска-палітычную падтрымку таго, што адбываецца ў Беларусі.
Беларусы ў Беластоку выступаюць 29 і 30-га верасня, а гэта – тэатральная група „Свабодныя купалаўцы” і незалежны тэатральны праект са спектаклем „ГЭТАМЫ”, які прыедзе з Варшавы. Таксама ў праграме тэатральныя калектывы Польшчы, Арменіі. З-за каронавірусу не прыедуць грузіны, іх спектакль пакажуць анлайн. Таксама з-за пандэмічных абмежаванняў у Беласток не змаглі даехаць акторы з Украіны, са Львова.
Беларускае Радыё Рацыя