За мінулыя суткі ў краіны ЕС не ўпусцілі 380 нелегальных мігрантаў з боку Беларусі
Памежная служба Польшчы ў „Твітэры” паведаміла, што беларуска-польскую мяжу паспрабавалі незаконна перайсці 298 іншаземцаў. Затрыманыя трое грамадзян Ірака.
Паведамляецца таксама, што 9 верасня за дапамаганне ў незаконным перасячэнні мяжы з Беларусі ў Польшчу памежнікі затрымалі дзесяць іншаземцаў — грамадзян Емена, якія атрымалі статус бежанцаў у Германі, і восем грамадзян Грузіі. Іх вышлюць з Польшчы і Еўрасаюза ў цэлым.
Партал навін Delfi са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміў, што за мінулыя суткі не ўпусцілі 50 мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у краіну з тэрыторыі Беларусі. Спробы фіксаваліся ў Ігналінскім, Шальчынінкскім, Варэнскім і Лаздзійскім раёнах. Партал звяртае ўвагу на тое, што на гэтым тыдні больш за ўсё мігрантаў спынілі менавіта ў Лаздзійскім раёне.
Дзяржаўная памежная ахова Латвіі на сваім сайце паведаміла, што за мінулыя суткі мяжу з боку Беларусі паспрабавалі незаконна перайсці 39 чалавек. Затрыманых няма, у краіну нікога не ўпусцілі.
Адзначаецца, што з 10 жніўня, калі ў сумежных з Беларуссю раёнах увялі надзвычайнае становішча, у Латвію не ўпусцілі 1.052 нелегальных мігранта. За гэты ж час 25 чалавек прапусцілі з гуманітарных прычын. Усяго з пачатку года ў краіне затрымалі 377 іншаземцаў, якія незаконна перайшлі мяжу.
З-за павелічэння патокаў нелегальнай міграцыі з беларускай тэрыторыі Літва ўвяла рэжым экстрэмальнай сітуацыі на ўсёй тэрыторыі краіны, Латвія і Польшча — надзвычайнае становішча ў раёнах, якія мяжуюць з Беларуссю.
8 верасня прадстаўніцтва ЕС заявіла дэмарш Міністэрству замежных спраў Беларусі „ў сувязі з незаконнымі перасячэннямі мяжы з боку Беларусі ў Еўрапейскі саюз”.
„Еўрапейская служба замежных дзеянняў сцвярджае, што назіранае 50-разовае павелічэнне нерэгулярных пераходаў мяжы з Беларусі ў ЕС не з’яўляецца адлюстраваннем няздольнасці ўладаў Беларусі выконваць свае абавязацельствы ў барацьбе з незаконнай міграцыяй і гандлем людзьмі, — гаворыцца ў паведамленні на сайце прадстаўніцтва ЕС. — Для такога рэзкага росту колькасці нелегальных пераходаў мяжы на разгляданым маршруце няма аб’ектыўных прычын. ЕС асуджае выкарыстанне мігрантаў у палітычных мэтах і настойліва заклікае ўлады Беларусі спыніць гэтую практыку”.
У той жа дзень МЗС Беларусі выступіла з крытыкай дэмаршу. У знешнепалітычным ведамстве заявілі: „Спрабаваць сцвярджаць, што Беларусь нейкім чынам датычная да росту колькасці пераходаў мяжы, па меншай меры некампетэнтна і непрафесійна. Мы не маем нічога агульнага з сапраўднымі прычынамі росту патокаў міграцыі з праблемных рэгіёнаў. А вось краіны ЕС як удзельніцы вядомых кааліцый маюць да гэтага наўпростае дачыненне”.
Разам з тым у МЗС адзначылі, што Беларусь „гатовая да канструктыўнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва з ЕС” па міграцыйнай праблематыцы. „Мяжа для нас — заўсёды лінія супрацоўніцтва, а не рознагалоссяў”, — падкрэслілі ў міністэрстве.
БелаПАН