У Вільні праходзіць Канферэнцыя беларусаў свету
У Вільні пачалася двухдзённая Канферэнцыя беларусаў свету.
У канферэнцыі прымаюць удзел прадстаўнікі беларускіх дыяспар з больш чым 27 краін і 40 арганізацый. На працягу двух дзён удзельнікі канферэнцыі будуць абмяркоўваць праекты беларусаў і каардынацыю паміж ініцыятывамі і дэмсіламі.
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла:
– Шаноўныя і дарагія ўдзельнікі Канферэнцыі беларусаў свету, дазвольце прывітаць вас ад імя старэйшага пакалення беларусаў замежжа, якое пад эгідай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі змагаецца за волю і незалежнасць беларускага народу. На першым сусветным з’ездзе беларускай эміграцыі я мела гонар прысутнічаць у 1948 годзе ў Парыжы. Тады таксама наша эміграцыя з розных краін сабралася, каб абмеркаваць разам нашую супольную будучыню. Тады было запачаткавана Сусветнае аб’яднянне беларускай эміграцыі, якое з вялікім энтузіязмам пачало сваю дзейнасць на карысць зняволенага народу. На працягу гэтых сямідзесяці гадоў сябры Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі стварылі беларускія арганізацыі ў вялікіх краінах свету, якія спрычыніліся да ажыццяўлення матэрыялаў аб’яўленых у трэцяй грамаце БНР. Усе гэтыя гады мы прыцягвалі ўвагу свету да нашага паняволенага народу і дамагаліся знайсці яму месца ў сям’і вольных народаў свету. Нагадаю, што Рада БНР вядзе такую працу з 1918 года. Пра тое, на чым цяпер засяроджана ўвага Рады, пазней на канферэнцыі скажа мой першы намеснік Сяргей Навумчык, а таксама іншыя сябры Рады, якія бяруць удзел у гэтым форуме. Мы вельмі ўдзячныя лёсу за ваш уздым на Бацькаўшчыне і ў замежжы ў 2020 годзе. Вы паказалі сваім і чужым, што нягледзячы на варожы рэжым, які захапіў наш край у 1994 годзе, Беларусь жыве. Жадаю вам, з глыбіні сэрца, паспяховай працы і плёну. Да пабачэння ў нашай вольнай і незалежнай Бацькаўшчыне Беларусі! Жыве Беларусь!
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павел Латушка:
– Перакананы, што ўсе мы тут сабраліся аб’яднаныя любоўю да нашай Бацькаўшчыны, да нашай Беларусі, з жаданнем дасягнуць лепшай долі для беларускага народу, чаго чакае і прагне большасць беларусаў. Першае, вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне рэпрэсій. Другое, прыцягненне да адказнасці ўсіх вінаватых у злачынствах супраць беларускага народу. Трэцяе, правядзенне як мага хутчэй новых выбараў прэзідэнта Беларусі. Для дасягненне гэтых мэтаў нам патрэбныя моцныя структуры і каманда. Беларусы замежжа ўжо больш за год з’яўляюцца адной з самых уплывовых сілаў, якая вядзе бескампрамісную барацьбу з рэжымам і з’яўляецца для нас рэальнай сілай. Нездарма менавіта сёння было прынята рашэнне пра ліквідацыю „Бацькаўшчыны”. Я б хацеў сказаць, што дзейнасць беларусаў замежжа – гэта не толькі год, гэта гады і дзесяцігоддзі. Як сказала Святлана Георгіеўна, як сказала Івонка Сурвіла, дзесяцігоддзі змагання за беларускую справу. Нездарма менавіта сёння рэжым вырашыў ліквідаваць ЗБС „Бацькаўшчына”. Хацеў бы сказаць таксама добрыя словы, словы ўдзячнасці беларусам нацыянальнай этнічнай меншасці, якія пражываюць у розных краінах свету. Я добра ведаю, як працуюць беларусы Польшчы, гэта не дыяспара, а менавіта нацыянальная этнічная меншасць. Сёння ўжо дадалася да гэтага вялікая грамада беларускай дыяспары. Сёння добрая нагода, каб сказаць усім вам, усім нам вялікі дзякуй за тое, што зроблена.
Нацыянальная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская:
– Мне цяжка пра гэта казаць, але я разумею, што мы цяпер перайшлі ў фазу зацяжнога супрацьстаяння. Фактычна гэта змаганне на вытрымаласць. Я разумею, што многія стаміліся. Зараз вельмі цяжка прыдумваць нейкія новыя формы, фарматы працы. Як дагрукацца да міжнародных партнёраў і даць дапамогу Беларусі. Мы ёсць адзін у аднаго. На жаль сотні тысячаў беларусаў пакінулі дом, але яны і ўмацавалі дыяспару. Як бы нам не хацелася спачатку адмаўляць гэта слова, але мы сталі эмігрантамі ці як мы сябе называем рэлакантамі. Тыя, хто нам супрацьстаіць, думалі, што фізічны ад’езд раўназначны знікненню чалавека і немагчымасці працягваць сваё змаганне. Наступныя два дні мы будзем абмяркоўваць, як яшчэ мы можам быць карыснымі нашай краіне і наблізіць момант, калі мы зможам вярнуцца дадому.
Усе дзеянні і праекты накіраваны на асноўныя мэты:
– Павялічыць дапамогу беларусам унутры краіны.
– Узмацніць эканамічны ціск на рэжым.
– Падтрымліваць Беларусь у міжнародным парадку.
Беларускае Радыё Рацыя