Ці маліўся ты на ноч, кампазытар?
Магчыма, Настасься падумала, што забарона на тыражаваньне не датычыць разавага выкананьня песьні на канцэрце. Ды сталася так, як сталася: ці ня самы гучны працэс аб парушэньні аўтарскіх правоў пачатку 2015 году разварушыў насельніцтва сацсетак. Прычым абаронцаў кампазытара выявілася ці не ў разы менш, чым тых, хто абвінаваціў яго ва ўсіх магчымых грахах, зрываючыся зрэдчас проста на элемэнтарныя абразы.
Аргумэнты прыводзіліся самыя розныя: Моўчан пажадаў нажыцца на мацеры двух дзяцей, зусім не багатай акторцы; Моўчан атрымаў замову на напісаньне той песьні, калі знаходзіўся на дзяржслужбе, а, значыць, ня можа прэтэндаваць на выключныя аўтарскія правы; у Беларусі законы парушаюцца на кожным кроку, а таму адным парушэньнем больш, адным менш —бяз розьніцы; сьпявачка папулярызуе творчасьць «Песьняроў» і Моўчана, а той зьвяртаецца ў суд... І гэтак далей. Пры гэтым аргумэнты тыя часьцей за ўсё дыктаваліся эмоцыямі і жаданьнем абараніць прадстаўніцу нефармальнага рок-руху ад «крыважэрнага» прадстаўніца афіцыйнай поп-сцэны.
Добра, няхай частка гэтых камэнтароў і нясе ў сабе часам годныя ўвагі аргумэнты. Аднак калі паставіць адно-адзінае цалкам канкрэтнае пытаньне: «Былі парушаны аўтарскія правы кампазытара ці не?», думаю, што станоўчых адказаў з боку абаронцаў Настасьсі Шпакоўскай альбо зусім не дачакаемся, альбо атрымаем новыя порцыі эмацыйных допісаў.
Не зьбіраюся выступаць адвакатам Алега Моўчана, хоць цалкам упэўнены ў тым, што закон быў сьвядома парушаны. І за тое трэба адказваць. Іншая справа, каму з гэтага больш карысьці? Запатрабаваная кампазытарам ад сьпявачкі сума ў 18 мільёнаў рублёў усё ж значная як для беларускай акторкі. Аднак калі згадаць, што Алег Моўчан і раней забараняў іншым сьпевакам выконваць уласныя песьні, сытуацыя робіцца для мяне нейкай нелягічнай, калі ўлічваць, што аўтарскія адлічэньні за публічнае выкананьне песень ніхто не адмяняў. І чым часьцей гучаць песьні, тым больш атрымліваюць іх аўтары.
Вось чаму, дабіваючыся прызнаньня аб парушэньні аўтарскага права як факта відавочнага, на месцы кампазытара я асабіста абмежаваўся б выключна сымбалічнай сумай пакараньня. Кшталту кошту талёнчыка на праезд у грамадзкім транспарце. Тое быў бы прыгожы чын...
Але гэты выпадак мае вялікае значэньне для таго, каб сур’ёзна заняцца вывучэньнем стану рэчаў з аховаю аўтарскіх правоў у Беларусі хоць бы ў галіне музыкі. Тое, што парушэньні адбываюцца штодня і літаральна на кожным кроку, у мяне сумненьняў не выклікае. Прыклады? Калі ласка.
Беларускае тэлебачаньне: хто калі чуў, каб падчас музычных праграм агучваліся імёны аўтараў песень хоць бы на бягучых радках? Ці пералічваюць арганізатары канцэртаў кавэр-груп адлічэньні замежным аўтарам? Ці атрымліваюць праваўладальнікі належнае з выкананьня твораў падчас фэстываляў? Сьпіс можна лёгка падоўжыць. Заўважу: на блюзавых фэстывалях у Польшчы, куды мы выяжджалі з айчыннымі музыкамі, арганізатары заўсёды прасілі сьпіс кампазыцый, якія прагучалі, зь імёнамі аўтараў.
Маецца і такі нюанс: перад тым, як публічна выканаць тую ці іншую песьню, згодна з законам, які займаецца пытаньнямі аўтарскага права, выканаўца павінен атрымліваць на тое згоду аўтараў музыкі і тэксту. Вы ўпэўнены, што такая практыка існуе? Я асабіста — не! Хіба Аляксандар Саладуха перад кожным сваім канцэртам пытаецца ў Эдуарда Ханка, ці можна яму чарговым разам прасьпяваць «Чужую мілую»? Магчыма, аўтары ды выканаўцы заключаюць якія доўгатэрміновыя пагадненьні. Але пра нешта такое я ня чуў ніколі.
А вось адну анэкдатычную сытуацыю згадаў. У адзін з альбомаў Андрэй Плясанаў уключыў песьню польскага кампазытара Севярына Краеўскага, у сувязі з чым падчас прэзэнтацыі альбома атрымаў пытаньне: згода на выданьне песьні атрымана? Андрэй патлумачыў проста: маўляў, я двойчы зьвярнуўся да яго па электроннай пошце, адказу не атрымаў, а калі так, дык зразумеў, што Краеўскі згодны.
Вось калі гэтак і надалей у нас будзе вырашацца пытаньне, браць ці не браць чужое, нічога ў гэтай галіне ня зьменіцца.
Вэрсія групы «Naka» мяне, калі шчыра, не пераканала. Вось чаму ў гэтай сытуацыі мне найбольш шкада Ўладзімера Мулявіна...
Я — чалавек ня надта ўдалы ў гэтым сэнсе. У мяне кралі не аднойчы: кашалькі, дыктафон, найчасьцей — ровары, якіх у мяне зьвялі ажно пяць штук! Кралі і напісанае мною, лёгка і не пытаючыся дазволу. Я двойчы зьвяртаўся ў суд і выйграваў справы. Было й такое, калі пра дазвол пыталіся. І я даваў яго, хоць і ведаў, што аніякага матэрыяльнага прыбытку не атрымаю. І такая практыка — нармальная!
Нехта распавядаў мне, што ў ЗША адшукаць юрыста, які б узяўся абараняць абвінавачанага ў крадзяжы чужой інтэлектуальнай уласнасьці, значна складаней, чым сэрыйнаму забойцу наняць адваката. Бо там інтэлектуальная ўласнасьць — што ікона! У нас жа, як выглядае, пакуль кілім, які ляжыць ля ўвахода ў кватэру... Крадуць і іх.
І на заканчэньне: давайце ціха і спакойна параўнаем аранжаваньні «Малітвы» Алега Моўчана і Настасьсі Шпакоўскай. Вэрсія групы «Naka» мяне, калі шчыра, не пераканала. Вось чаму ў гэтай сытуацыі мне найбольш шкада Ўладзімера Мулявіна...
